Жалезнае мастацтва Яна Перагінца




 З творчасцю Яна Перагінца, майстра мастацкай коўкі, я пазнаёмілася ў Фэйсбуку. Асабліва зачапіў вока каваны краявід – гарадзенская вулачка, пажарная вежа. Захацелася сустрэцца з кавалём і ўбачыць творы, патрымаць у руках незвычайныя вырабы.


Мы дамовіліся сустрэцца ў гарадской майстэрні Яна, якая знаходзіцца ў прыватным сектары. Падыходзячы да прызначанага месца, я ўбачыла нейкі дзіўны аб’ект. Падумалася: “Так, тут працуе майстар!”  



 Ян адчыняе веснічкі, і мы праходзім у глыб падворка. Сцежка скончылася перад  невялічкім  збудаваннем. Працоўня выглядае маленькай, але вельмі …насычанай і багатай. Паўсюль стаяць, ляжаць, вісяць творы майстра. Недзе з цёмнага закутка выглядае каваны кот. Рыбіны пабліскваюць вачыма і нясуць на сваіх хрыбтах дамкі … Бы казачны куфэрак, напоўнены незвычайнамі скарбамі.






Кавальствам Ян займаецца з 2004 года, калі паступіў у Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы на мастацкае адзяленне.

-Вучыўся завочна, час быў, таму адначасова пайшоў вучыцца ў майстэрню да каваля Юрыя Круша. Гэта мой першы настаўнік. Там, канешне, і калектыў важны. Адзін у аднаго вучацца, старэйшыя маладзейшым паказваюць. Калі тэхнічна ўнік, то ўжо з мастацкага боку пачаў далучацца. Эскізы рабіў, каб чыюсьці ідэю намаляваць. А потым ужо свае праекты рабіў: спачатку малюеш, а потым куеш. Адначасова вучыўся і кавальствам займаўся, таму яно ў мяне мастацкае.


Матэрыялы бяруцца адусюль.


-Усё, што знаходзіцца вакол  - гэта не я прыдумаў. Замкі, жалезкі розныя – будучыя мастацкія творы.  Вось, напрыклад,  як рыдлёўка пераўтвараецца ў рыбу : грабелькі - хвост, падкова і ржавыя цвікі –плаўнікі. Хтосьці гэта выкінуў, для кагосьці гэта смецце ўжо было. А я ўзяў і перарабіў,  - Ян паказвае рудую рыбіну, дэталі якой яўна пабачылі  жыццё.

Шчупак зроблены з замкоў… аб’яднаў іх да купы, дадаў трохі дэталяў,  і ў дадатак функцыянальнае прызначэнне.



Маю ўвагу прыцягнулі каваныя рыбіны з каляровым шклом. Аказваецца, гэта свяцільня. Майстар падлучыў святло, і рыбы засвяціліся.

Тут вітражнае шкло выкарыстана, але вітраж не ў класічнай тэхніцы. Асягнуць усе тэхнікі для аднаго майстра - гэта складана. Людзі цікавяцца, часам замаўляюць нешта асаблівае. Бывае, што  бачаць ужо гатовае і забіраюць. Рыбак, і коцікаў, і анёлкаў, тыя ж машынкі і матацыклы. Калісьці нават зрабіў метровага анёла, які выстаўляўся “У майстра”.


А гэта тыя самыя “самагоншчыкі”? Дзіўлюся і бяру ў руку маленькага жалезнага чалавечка, што цягне бідон. Самагоншчыкамі іх празвалі каментатары у Фэйсбук. Там я гэты цуд  упершыню і пабачыла.

-Хлопец прынёс на працу такія штукі, кажа, што металалом, нікому не патрэбны. Я не адразу зразумеў, што гэта такое. Аказалася, гэта хлапушкі, якія працуюць ад газы. Узяў, прыгледзеўся…можна было б і самавар маленькі зрабіць. Але гэта кітайская вынаходка, якую падхапілі расейцы. А самагоншчыкі – гэта нешта палескае, беларуска-ўкраінскае. Агулам, такая мужчынская тэма.  Падстаўку зрабіць - і гатова. - Ян дастае з шуфляды аловак, устаўляе ў бідоньчык і дадае:  - Функцыянальна.


Твае рамесніцкія творы можна знайсці ў адмысловых крамах: Цудоўні, Ткалі, Лёлі. Але мала хто ведае, што  металічны вазок, які ўсталяваны на вуліцы Тэльмана, - праца тваіх рук.

-Гэты праект быў зроблены па ініцыятыве гарадской камунальнай службы.  Звярнуліся праз цэнтар рамёстваў “Спадчына”. У горадзе некалькі аб’ектаў па матывах кінастужак, якія здымаліся у Гродна – вазок з “Белых росаў”, клетка з птушкай, гітара –“Мы родам з дзяцінства”, у якім Ул. Высоцкі здымаўся .
Усе працы выконвалі розныя майстры. Я працаваў менавіта над вазком. Шукаў такую самую мадэль. Вельмі цяжка было адшукаць, але атрымалася. Скапіяваў цалкам усю сістэму, каб было натуральнае падабенства. Адзінае,  што спіцы ў арыгінале каля 3 міліметраў, а я зрабіў 5-6: такі антывандальны варыянт, каб не пагнуліся, не паламаліся Вазок яшчэ і хістаецца.

...і рыпіць

-ну так, рыпіць, усміхаецца Ян.Гэта ж жалеза.


Якія твае адчуванні, калі ты бычыш сваю працу на вуліцы? А водгукі гараджан, знаёмых?

-Дык ніхто і не ведае, хто гэта зрабіў. Нідзе не напісана. Проста ёсць аб’ект, інфармацыя, з якога фільма. Нядрэнна будзе, калі пазначаць аўтара. Але кляймо на самім вазку я паставіў (кляймо – аўтарскі знак майстра).

А як ты ставішся да тых аб’ектаў ,сметніц,  якія ў горадзе з’явіліся?

-Адмоўна, як і ўсе. Стаіць цэлы ДЖЭНТЭЛЬМЭН, з мятлікам, у капелюшы, з кійком…І яшчэ ДАМА з сабачкам. У іх пляваць, смецце кідаць – ну так атрымліваецца! (Ян не хавае абурэння)

Ці ёсць у цябе нейкія свае ідэі, прапановы для горада, нейкія мастацкія аб’екты, якія хочацца рэалізаваць?

-Хачу, але не магу. Мы з кавалямі год пяць таму планавалі зрабіць фестываль “Жалезны кужаль”. Звярнуліся да ўлад, нам сказалі: ”Давайце, запрашайце з Польшчы , з Літвы, з Беларусі. Мы зробім на 5 дзён базу, начлег, харчаванне”. А потым паступова, паступова дайшло да таго, што мы самі запрапанавалі і свой метал, і свой вугаль, толькі дайце нам месца. Былі размовы, каб заплаціць майстрам за майстар-класы і за ўдзел у плэнэры. Гэта нармальная практыка, калі майстры пакідаюць свае плэнэрныя творы і атрымліваюць грошы. Мы прасілі, хоць прагадуйце нашых гасцей гэтыя дні.І напрыканцы выявілася, што ні нашто грошай няма, і замест пяці-сямі дзён – толькі адзін дзень незразумелага плэнэру. А быў сур’ёзны праект, які ўсім спадабаўся. Была тэма “Кветка”, бо прымеркавана да Фестывалю Нацыянальных Культур, мелася паўстаць скульптура каваная. Ну, і на гэтым скончылася.

…напэўна каб бясплатна і сам усё прынёс


-Не, нават так не ўсталююць. Затое сметніцы самі па сабе выраслі, як грыбы…І ніхто не забараніў, не прасачыў.


Вось цікава, а як у цябе дома? Ты-“ сапожник без сапог”?

-У мяне ўсё ёсць! Ад самай драбязы – вешалкі, кручочкі - усё маё, каванае. Бо гэтыя крамныя, можа, і прыгожыя, але нетрывалыя, трохі больш нагрузкі - і ўжо ламаецца. Зэдлікі каваныя, цэлы набор: розныя па форме і аздобе, не гнуцца, не ламаюцца. Толькі абшыўку сядушкі мяняем, астатняе нават не падфарбоўваю. Метал трохі дзе-нідзе працёрся, блішчыць – гэта ж натуральна.


Будзеш удзельнічаць у “Казюках”(традыцыйны кірмаш з нагоды свята Св. Казіміра - 4 сакавіка, у якім удзельнічаюць рамеснікі, ладзяцца святочныя забавы)?

Так, кожны год удзельнічаю.  Будзем з іншымі кавалямі на плошчы Савецкай стаяць. Агонь, горны сапраўдныя. У аднаго хлопца нажны горн, якому больш за 100 гадоў. У мяне ручны і трохі маладзейшы. Для людзей гэта вельмі цікава. Нехта ўвогуле не бачыў такога, як метал становіцца мяккі як пластылін, робіш з яго ўсё, што хочаш. І паглядзець, як майстар працуе, самому паспрабаваць.

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

“Пастушка і рок”: цікавосткі з жыцця Дануты Бічэль

"Стары Гродна" - горад, які мы любім