“ПРАЦУЙ, ПАКУЛЬ МАЛАДЫ”: ЯК БЕЛАРУСАМ ПРАЦАВАЛАСЯ 2 СТУДЗЕНЯ



Многія беларусы напярэдадні святкавання Новага года задаваліся пытаннем: працаваць ці адпачываць? Да апошняга не было дакладна вядома, ці будзе дзень другога студзеня працоўным, ці ўсё ж народу дадуць адпачыць пасля добрага гуляння. Улады вырашылі, што беларусам трэба выйсці на працу, нягледзячы на тое, што многія былі супраць гэтага (https://finance.tut.by/news620487.html ) .
Я вырашыла спытаць у сваіх  сяброў і знаёмых, як добра яны выконвалі свае абавязкі 2 студзеня і ці лічаць, што гэты дзень павінен быць выходным.
Вольга, настаўніца пачатковых класаў, г. Гродна:
- Працаваць адразу пасля свята – гэта жорстка! Асабліва калі добра адзначыў, і 1-га студзеня сябе не вельмі добра адчуваеш =) Павінен быць яшчэ адзін выходны 100%!
Аляксандра, ІП, г. Мінск:
-Я працую кожны дзень, сама сабе дырэктар. А той, хто працуе на дзяржпрацы, мае фіксаваны графік, вымушаны сёння даядаць салаты на працы. Я ім спачуваю!
Вольга, адміністратар у дзяржаўным медычным цэнтры, г. Гродна:
-Хоць і працавалася сёння спакойна, усё ж павінен быць дадатковы выходны дзень. Пацыентаў пасля святаў амаль няма, і дзень паўпусты, проста «адсідка» гадзін.
Вольга, настаўніца англійскай мовы, г. Іўе:
-Адпрацавала выдатна! Але, тым не менш, выходнага сёння я б хацела, бо не паспела наведаць тых, каго планавала! З іншага боку, не варта даваць волю аматарам добра выпіць, з іх працаўнікі потым вельмі дрэнныя, бо жывуць з дэвізам: «Гуляй, душа, пекла няма!»
Людміла, медычная сястра, г. Гродна:
- Прыватна для мяне другога студзеня як працоўны дзень – гэта добра. Адзінае, шкада, што муж дома адпачывае, а я зараз на працы. А ўвогуле сённяшні дзень дрэнны для тых, у каго галава пасля свята баліць =)
Антон, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, г. Гродна:
- Калі шчыра, то мне добра сёння працавалася. Усё, што хацеў, спланаваў, тое і зрабіў. Ніхто не лез у вочы.
Кацярына, прадавец-кансультант, г. Гродна:
- У мяне праца спакойная, ненапружная. Напэўна, дадатковы выходны патрэбны тым, хто на свята з'язджае ў госці. Вяртацца першага студзеня зусім не цікава.
Аляксандр, малады спецыяліст, педыятр, г. Гродна:
- Гэта проста жах! Пасля выходных у адных пацыентаў жываты баляць, у другіх - кашаль і насмарк. На працу пайшоў а 10.00,  вярнуўся а 20.00. Навагодняга настрою як і не было!
Наталля, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, г. Шчучын:
-Выходны патрэбны. Іх шмат не бывае. А ўвогуле, ці другога, ці трэцяга студзеня – усё роўна на працу, калі яна не падабаецца, ісці не хочацца. Таму мне ўсё роўна. Магчыма, калі б я актыўна адзначыла Новы год, то па-іншаму адказала б =)
Аляксей, ветэрынар, г. Гродна:
-У мяне сёння выходны. Але адчуваю, што 90% працуючых таксама не працуюць =)
Як бачым, адказы разнастайныя. Але многіх яднае адно: дзень другога студзеня хацелася б яшчэ адпачыць, пахадзіць па гасцях, пабыць з роднымі і блізкімі, калі вы жывяце ў розных мясцовасцях. Можа, уладам варта было прыслухацца да тых 16,5 тыс. чалавек, што падпісаліся пад петыцыяй, каб дзень другога студзеня быў працягам адпачынку?
  Фота ўзята з крыніцы Delo.ua 

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Жалезнае мастацтва Яна Перагінца

“Пастушка і рок”: цікавосткі з жыцця Дануты Бічэль

"Стары Гродна" - горад, які мы любім