Бандзюгі і амапаўцы гавораць па-беларуску ў Гарадзенскім кніжным клубе.


Як людзі становяцца бамжамі і трапляюць на сметніцу, чаму амапаўцы размаўляюць па-беларуску, і  дзе шукаць шчасця – ўсё гэта абмяркоўвалі ў Гарадзенскім кніжным клубе разам з аўтарам аповесці “Кароль Капайла і яго атачэнне” Міхася Зізюка.

Да кніжнага клубу трэба рыхтавацца!

Абвесткі ў інтэрнеце пра сустрэчы Кніжнага клубу я бачыла ўжо даўно і  мне было цікава, бо чытаць люблю з дзяцінства, але звыклыя “няма часу” і “наступны раз” рабілі сваю справу.  Досвед удзелу ў кінаклубе, (гэтыя прыемныя пачуцці, калі твой мозг варушыцца, эмоцыі , новыя думкі і адкрыцці,) казаў  - “Ідзі!”. Пасля чарговага віртуальнага запрашэння вырашыла схадзіць, тым больш што час сустрэчы зручны – 19.00. Тут ёсць свае ньюансы, калі ты прыходзіш у кінаклуб, то напачатку адбываецца прагляд фільму, які часцей за ўсё ты бачыш упершыню, а потым рэфлексіі - абмеркаванне. Да кніжнага клубу трэба рыхтавацца! Мадэратары абіраюць твор, загадзя робяць абвестку, калі ёсць магчымасць запрашаюць аўтара. Мне вельмі пашанцавала і я трапіла на версію абмеркавання з аўтарам.

Даведка.
Гарадзенскі кніжны клуб створаны ў 2014 годзе. Мэта клубу - знаёмства з творамі беларускіх пісьменьнікаў, а таксама абмену думкамі й абмеркаваньня гэтых твораў. Першыя сустрэчы клубу адбываліся ў галярэі “Крыга” і этна-краме “Цудоўня”, сёння прыхільнікі беларускага пісьменства збіраюцца ў “Цэнтры гарадскога жыцця”. Сачыць за абвесткамі  можна на старонцы клуба ў Фэйсбуку.

Пачаткі.

Пачакаўшы ўсіх удзельнікаў, акуратна расклаўшы свае кніжкі на століку, пісьменнік Міхась Зізюк пачаў свой маленькі аповед, пра сябе і пачаткі творчасці.

“Мае бацькі былі простыя вясковы людзі, бацька пасвіў жывёл, маці - хатняя гаспадыня”

“ Мне з дзяцінства хацелася пісаць. Першыя крокі ў літаратуры я зрабіў, калі вырваў у братавым сшытку два аркушы, накрэмзаў нейкія каракулі асадкаю, потым узяў капэрту, падпісаў таксама нейкімі каракулямі, і аднёс на пошту. Да скрыні я дацягнуцца сам не змог, то адна жанчына пашкадаваўшы дапамагла мне.”

“Зробіш працы хатнія - дроў прынесці, вады, а потым сядзіш да пазна кніжкі чытаеш, пакуль бацькі спаць не пагоняць. Чытаў сур’ёзныя кніжкі, калі ўжо крышку падначытаўся, то спрабаваў напісаць фантастычны раман – пра палёт у космас, але закінуў.”

“Не ведаю адкуль гэта прыйшло ў дзяцячую галаву, я вучыўся у беларускай школе, і мне захацелася пісаць на рускай мове. І я напісаў першы свой раман “Прыцягненне зямлі”(Притяжение земли) – гісторыя двух братоў у час вайны.”
“Але вучыцца я пайшоў не на філолага, а па парадзе радні – у ваеннае.”

Дыялог. Чытачы і аўтар.
І вось кола чытальнікаў  дастае свае нататкі і прыступае да разбору аповесці. Раскладаюць герояў па паліцах, задаюць пытанні. "Кароль Капайла і яго атачэнне" - гэта аповесць пра бізнэсоўца Лявона, які праз розныя жыццёвыя калізіі аднойчы прачынаецца на сметніку. Яго знаходзіць Капайла, самаабвешчаны начальнік сметніка, якому падпарадкоўваюцца бадзягі. Яны корпаюцца у смецці, сартуюць яго і праз страх паслухмяна выконваюць усе загады караля Капайлы. Лявон вырашае зрабіць выгляд, што страціў памяць і некаторы час пажыць з імі, каб вырашыць як жыць і што рабіць далей. Кожны бадзяга мае сваю гісторыю,  сваю філасофію і сваю мару. Усе яны хацелі б  мець шанец выбрацца са сметніка. І вось аднойчы яны знаходзяць тое, што можа дапамагчы ім. Але... усё сканчаецца калі прыходзяць амапаўцы. Пачынаецца і сканчаецца апавяданне амаль аднолькава  - гэта нібы сон, нібы трызнене Лявона, якое адносіць яго ў нейкі іншы свет, свет у якім магчыма ён павінен адшукаць адказ на свае пытанні.

Чытачы: “З першых радкоў стала зразумела, што гісторыя будзе звязана з нечым звышнатуральным…але вось Лявон (герой апавядання)прачынаецца і пачынаецца пра жыццё бадзяг, пра іх праблемы і мары”

“Цікава назіраць, як амапаўцы і бандзюгі ў апавяданні размаўляюць па-беларуску…”

Аўтар:  “Зразумеда , што ў жыцці амапаўцы не размауляюць на мове, але гэта аповесць напісаная па-беларуску, таму натуральна, што ўсе героі размаюляюць на мове”

Ч : “У гэтай гісторыі мне было шкада больш за ўсіх, толькі Чарныша (сабачку караля Капайлы), якога забілі..”

“Чаму людзі апускаюцца? … узяць Капайлу, з-за прагі грошай, пачаў жыць не сумленна, не па закону…..другі вобраз Чапяла, якому не пашанцавала ў жыцці, начальнік падставіў, выпадак з аўтобусам…трэба ж думаць, што робіш…”
А : “Гэта рэальная гісторыя, якая адбылася, пра яе пісалі ў газетах…шмат якія гісторыі ў аповесці ўзяты з жыцця”

Ч:  “Вось Кныш…Сярожа,калі хлопчыка клічуць увесь час Сярожа, то як з яго атрымаецца мужчына?! Вось таму ён такі баязлівец і ў гэту гісторыю трапіў…”

“Я пабачыла адлюстраванне нашага грамадства, спячага грамадства – ідуць, як манекены, ідуць на бойню. І прачынаюцца калі даць па галаве.”

“Не зразумелы канец гісторыі і нават нейкае расчараванне, калі расце напружанне і потым усё нечакана сканчаецца….”


А: “Можна было б працягваць гісторыю, гэта мог быць сапраўдны баевік, але ўсё сканчаецца менавіта так, і гэтым падкрэсліваецца  нейкая фатальнасць…грошы не маглі ашчаслівіць іх, таму такі канец”
Ч: “Сметніца – як нашае грамадства, нам смярдзіць, але мы думаем каб не было горш… Страх смерці. ..адчуванне натоўпу, кроку не зробіш… можна ж спыніцца і задумацца. Але асноўная маса спіць…проста слёзы на вачах…”
“Цікава назіраць, як у гэтым дыялогу чытачоў і аўтара нараджаецца новы твор.”
“Беларусь, як ёсць!”
“Гэта не толькі беларускія рэаліі, такое можа адбывацца і у Эўропе і ў Расеі.”


А: “ Крытыкі параўноўваюць, згадваюць і М.Горкага “На дне”, і В.Быкава, і нават “Майстра і Маргарыту” Булгакава. ..Мне больш блізкі прыём В.Быкава  - Я стаўлю чалавека ў сітуацыю, і ён вырашае, як яму быць.”


“Куды мы ідзем?”

Абмеркаванне скончылася. Жадаючыя атрымалі аўтаграфы, сфатаграфаваліся з пісьменнікам, і разышліся сваімі шляхамі і з думкаю “Куды ж мы ідзем?”



Я наўмысна не апісвала падрабязна змест апавядання, бо ў мяне не было мэты рабіць разбор твора. А толькі пазнаёміць  з такой з’явай, як “Гарадзенскі кніжны клуб”, і даць магчымасць чытачу самому вырашыць - чытаць ці не твор Міхася Зізюка.

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Жалезнае мастацтва Яна Перагінца

“Пастушка і рок”: цікавосткі з жыцця Дануты Бічэль

"Стары Гродна" - горад, які мы любім